![]() |
бел | рус |
Расея супраць.
Аўстралія, Бельгія і Украіна заклікалі Савет Бяспекі ААН стварыць трыбунал для расследавання катастрофы малазійскі «Боінга» над тэрыторыяй Украіны 17 ліпеня 2014 года.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйных заявах МЗС гэтых краін. Такім чынам, на дадзены момант ужо пяць дзяржаў падтрымалі ідэю, выказаную Малайзіяй. Раней за стварэнне трыбунала выказаліся Нідэрланды.
Міністр замежных спраў Аўстраліі Джулі Бішоп падкрэсліла: «Стварэнне трыбунала прадэманструе, што міжнародная супольнасць не мае намер цярпець дзеянні, якія пагражаюць міру і бяспецы».
З аналагічным заклікам таксама выступілі Украіна і Бельгія. Пяць дзяржаў заклікаюць членаў Савета Бяспекі ААН падтрымаць стварэнне трыбунала для прыцягнення да адказнасці асоб, вінаватых у здзяйсненні найцяжэйшага злачынства.
Расея, як пастаянны член Савета бяспекі з правам вета, раскрытыкавала ініцыятыву стварэння трыбунала ААН. Намеснік міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі Генадзь Гацілаў заявіў, што расцэньвае яе як «несвоечасовую і контрпрадуктыўную».
Як вядома, пасажырскі самалёт «Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які ляцеў рэйсам MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур 17 ліпеня 2014 г., быў, як мяркуецца, збіты ракетай над Данбасам. Загінулі ўсе, хто быў на борце 298 чалавек, дзве траціны з якіх былі падданымі Нідэрландаў.
Каментары