У Дзень незалежнасці ЗША каля берагоў Аляскі і Каліфорніі былі перахопленыя расейскія бамбавікі

07.07.15 16:22 - У свеце

4 ліпеня амерыканскія знішчальнікі былі вымушаныя па трывозе падняцца ў паветра. Тэрміновая мера была прадпрынятая, каб перахапіць дзве пары расейскіх бамбавікоў, якія праляцелі побач з узбярэжжам Каліфорніі і Аляскі.

Пра інцыдэнт Fox News паведамілі адразу два прадстаўнікі вышэйшага ваеннага кіраўніцтва ЗША, перадае newsru.com.

Першая пара расейскіх самалётаў была заўважаная каля 10:30 раніцы ля берагоў Аляскі, ўдакладняецца на сайце амерыканскага тэлеканала. Каб перахапіць бамбавік Ту-95, які можа быць носьбітам ядзернай зброі, з базы найбуйнейшага штата ЗША ў паветра падняліся шматмэтавыя знішчальнікі F-22.

Другі інцыдэнт адбыўся прыкладна праз паўгадзіны. Для перахопу двух расейскіх Ту-95 над цэнтральным узбярэжжам Каліфорніі ў неба падняліся два знішчальнікі F-15.

Пакуль амерыканскія ВПС перахаплялі расейскія самалёты каля берагоў ЗША, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін павіншаваў лідэра Злучаных Штатаў Амерыкі Барака Абаму з Днём незалежнасці. "Расейска-амерыканскія адносіны, нягледзячы на існуючыя паміж дзвюма краінамі рознагалоссі, застаюцца найважнейшым фактарам забеспячэння стабільнасці і бяспекі ў свеце", - гаварылася ў прэзідэнцкай тэлеграме.

Каментары