Пуцінскія «Начныя ваўкі» падалі ў суд на памежную службу Польшчы

18.06.15 12:52 - У свеце

Мотаклуб «Начныя ваўкі» падаў пазоў супраць памежнай службы Польшчы за адмову пусціць у краіну некаторых удзельнікаў мотапрабег Масква - Берлін.

«Начныя ваўкі» патрабуюць прызнаць дзеянні памежнікаў незаконнымі, ануляваць ў пашпартах пячаткі аб забароне ўезду, аднавіць візы, а таксама кампенсаваць выдаткі. «Калі Варшаўскі суд не задаволіць пазоў, то мы пададзім апеляцыю. Калі і гэта не спрацуе, тады мы звернемся ў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу», - заявіў прадстаўнік клуба Сяргей Ухцінскі.

Паводле яго слоў, не ўсе матацыклісты накіроўваліся ў Берлін, сярод іх былі і тыя, хто ехалі ў Чэхію на чэмпіянат свету па хакеі. «У іх былі аплачаны гатэлі, набытыя квіткі на матчы. Яшчэ некалькі чалавек збіраліся ў Італію і Іспанію. Яны таксама панеслі фінансавыя страты», - удакладніў Ухцінскі, дадаўшы, што «Начныя ваўкі» таксама запатрабавалі кампенсаваць маральную шкоду.

Пра сваё рашэнне звярнуцца ў Варшаўскі суд «Начныя ваўкі» абвясцілі 18 траўня. Яны паведамілі, што падрыхтавалі неабходныя дакументы і перадалі іх адвакатам. Як адзначыў прадстаўнік мотаклуба, польскія ўлады патлумачылі адмову ва ўездзе пагрозай для Еўрасаюза.

25 Красавіка байкеры з клуба «Начныя ваўкі» пачалі мотапрабег Масква - Берлін, прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Маршрут праходзіў праз тэрыторыю Беларусі, Польшчы, Славакіі, Аўстрыі і Германіі. З-за таго, што ў матацыклістаў узніклі цяжкасці з перасячэннем мяжы, многія байкеры не змаглі трапіць на тэрыторыю ЕС.


Крыніца: belprauda.org

Каментары