Тактычная група «Беларусь» аб'яднае беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне

07.08.15 23:54 - Украіна

«Пасля правядзення шэрага перамоў кіраўніцтвам Добраахвотніцкага Украінскага Корпуса прынята рашэнне аб стварэнні тактычнай групы «Беларусь»

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні суполкі «Згуртаванне Патрыётаў», якая публікуе навіны з жыцця беларускіх байцоў-добраахвотнікаў.

Фарміраванне ТГ «Беларусь» будзе праходзіць у прыфрантавой зоне, першая група байцоў ужо на пазіцыях, паведамляе суполка.

Аснову ТГ складаюць беларускія хлопцы з вопытам баявых дзеянняў, па меры вырашэння праблем з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем будзе праходзіць далучэнне беларусаў з іншых батальёнаў, піша аўтар.

«Наша мэта — стварэнне нацыянальнага беларускага аддзела, які зробіць свой унёсак у змаганне супраць агульнага ворага. Разам да перамогі. Жыве Беларусь! Слава Украіне!» — гаворыцца на заключэнне.

Беларускія добраахвотнікі-нацыяналісты ўдзельнічаюць на ўкраінскім баку ў змаганні супраць расійскай агрэсіі з пачатку баявых дзеянняў вясной 2014 года. Звычайна яны служаць у розных добраахвотніцкіх украінскіх аддзелах.

Найбольш вядомая група беларускіх нацыяналістаў удзельнічала ў складзе Добраахвотніцкага Украінскага Корпуса «Правага сектару» ў абароне важнай пазіцыі — вёскі Пяскі — каля Данецкага аэрапорта.

Тактычная група «Беларусь», калі планы па яе стварэнні ажыццявяцца, будзе першым беларускім нацыяналістычным узброеным фарміраваннем з часоў Другой сусветнай вайны і пасляваеннага антысавецкага супраціву.




Крыніца: nn.by

Каментары