Рашысты «абГРАДзілі» Врубаўку

30.06.15 14:48 - Украіна

Ужыўшы рэактыўныя сістэмы залпавага агню, прарасейскія бандыты-найміты ў чарговы раз парушылі ўмовы спынення агню ў зоне правядзення АТА.

Пра гэта ў аўторак са спасылкай на прэс-цэнтр АТА паведамляе sprotyv.info.

«Сёння, 30 чэрвеня, каля 2.30 ночы баявікамі прарасейскіх бандфармаванняў з рэактыўных сістэм залпавага агню БМ-21 «Град» падступна былі абстраляныя пазіцыі сілаў АТА на ўскраіне населенага пункта Врубаўка», - гаворыцца ў паведамленні.

Па заключэнні афіцэраў штаба сектара «С» і прадстаўнікоў СММ АБСЕ, якія вывучалі наступствы і абставіны абстрэлу, устаноўлена, што залп быў здзейснены з часова акупаваных баявікамі тэрыторый Луганскай вобласці. У выніку траплення і дэтанацыі не менш за 10 рэактыўных снарадаў, акрамя некалькіх адзінак ваеннай тэхнікі, пацярпелі гаспадарчыя пабудовы і тэхніка размешчанай побач сельскай гаспадаркі.

Непадалёк ад месца траплення выпушчаных рашыстамі боепрыпасаў размешчаны жылыя дамы мясцовых жыхароў. На шчасце, параненых і загінулых сярод вайскоўцаў і мірнага насельніцтва няма.

Нагадаем, што выкарыстанне РСЗА БМ-21 «Град», як і іншай ствольнай і рэактыўнай артылерыі калібрам 100 мм і больш, строга забаронена мінскімі дамоўленасцямі. Аднак падкантрольныя расейскім уладам верхаводы банд «ДНР» і «ЛНР» і узначаленыя імі арганізаваныя гібрыдныя злачынныя групоўкі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, у чарговы раз цынічна парушаюць любыя пагаднення аб спыненні агню і дээскалацыі канфлікту.

«Гэты выпадак яскрава дэманструе сапраўдныя намеры прарасейскіх сілаў, якія агрэсіўна і падступна здзяйсняюць шматлікія злачынствы супраць Украіны, яе грамадзян і агульначалавечых маральна-этычных каштоўнасцяў», - падкрэсліваюць вайскоўцы.

Каментары