Расея забрала візу ў журналіста, які даказаў прысутнасць расейскіх вайскоўцаў ва Украіне

22.06.15 19:26 - Расея

«Расея ціха скасоўвае візы для незалежных журналістаў і даследчыкаў» - Сайман Астроўскі

Журналіст выдання VICE News Сайман Астроўскі не атрымаў журналісцкую візу для працы ў Расеі. Пра гэта сам журналіст паведаміў у сацыяльнай сетцы Twitter і прывёў здымак ліста, атрыманага ад прадстаўніка прэс-службы МЗС Расеі.

Сайман Астроўскі асвятляе ход канфлікту на ўсходзе Украіны з самага яго пачатку. Яго апошнім гучным праектам стала выкрыццё прысутнасці расейскіх вайскоўцаў у Украіне ў сюжэце «сэлфі-салдаты: Як расейцы выдаюць сваю прысутнасць ва Ўкраіне».

У сюжэце журналіст паўтарыў шлях аднаго з расейскіх салдат у Ўкраіне на аснове фатаграфій, якія той размясціў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».

«Падставы, па якіх вы не атрымалі журналісцкую візу, будуць прыведзены вам пазней», - цытуе журналіст паведамленн
е ад МЗС Расеі.

«Расея ціха скасоўвае журналісцкія візы для інтэрнэт-сайтаў, незалежных журналістаў і даследчыкаў. Між тым «Раша тудей» мае нямала бюро ў ЗША», - дадаў Астроўскі.

Ён таксама заклікаў іншых журналістаў, якім Расея адмовіла ў візе, даць агалоску гэтых выпадкаў.






Крыніца: Радыё Свабода

Каментары