![]() |
бел | рус |
Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава распазналі мужчыну, які напаў на іх.
Раней, падчас службы ў міліцыі, ён удзельнічаў у правакацыі супраць мясцовых актывістаў, выдаючы сябе за цывільнага.
Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 1 чэрвеня, здымалі сюжэт пра шкоду палення, у гэты час да іх пабегла дзіця і пачало замінаць здымаць. Журналісты зрабілі заўвагу, пасля чаго ўмяшаўся невядомы мужчына. Ён пачаў штурхаць журналістаў і абражаць, спрабаваў забраць камеру ды паваліў Алеся Ляўчука на зямлю. У выніку канфлікт вырашаўся ў міліцыі.
Правакатарам, які напаў на журналістаў, аказаўся Уладзімір Бурштын, 1980 г.н., які паходзіць з Маларыцкага раёну Берасцейскай вобласці. У 2011 годзе Бурштын ужо ладзіў правакацыю. Вось што на гэты конт піша Радыё Свабода:
«Буйны штраф — 770 тысяч рублёў — за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і за несанкцыянаваныя дзеянні — такі вырак быў вынесены ў панядзелак судом Ленінскага раёну Берасця грамадзянскай актывістцы Паліне Шарэндзе-Панасюк. Паліну Шарэнду-Панасюк затрымаў 26 сакавіка ў Берасці супрацоўнік крымінальнага вышуку Уладзімір Бурштын. У свой выходны дзень ён праходзіў у цывільнай вопратцы каля Цэнтральнага рынку Берасця, пабачыў на стэндзе бел-чырвона-белы сцяг, пагнаўся за Палінай».
Паліна пазнала Бурштына па фота і распавяла аб тым інцыдэнце belsat.eu:
«Пасля выбараў 2010 года ўсё яшчэ шмат людзей знаходзіцца ў турме. Мы з неабыякавымі людзьмі правялі акцыю каля цэнтральнага рынку. На тумбу прывязалі бела-чырвона-белы сцяг з партрэтамі палітвязняў. За ўсім здалёк назіраў мужчына з торбай (які потым апынуўся тым самым Бурштыном), які затым за мной пагнаўся. Схапіў мяне і не адпускаў пакуль не прыехаў нарад міліцыі. У гэты дзень у Бурштына быў выходны, ён прыйшоў на рынак за пакупкамі, але калі пабачыў наш нацыянальны сцяг, пагнаўся за мной. Сказаў, што не хоча, каб у яго калегаў былі праблемы з-за гэтага сцяга. Сам Бурштын паводзіў сябе вельмі нахабна, і калі прыехала міліцыя, сказаў, што я размахвала рукамі і нецэнзурна лаялася».Але на судзе, хіба пачытаўшы законы, даваў ужо іншыя сведчанні. Паліна Шарэнда-Панасюк кажа, што Уладзімір Бурштын пакінуў у яе ўражанне слізкага і нахабнага чалавека.
«Паводле нашай інфармацыі, 2 чэрвеня, Бурштын у краме «Алмі», дзе мы працавалі, патрабаваў запісы з камераў назірання. Натуральна, яму іх не далі», – адзначае незалежны журналіст.Алесь Ляўчук кажа, што пасля апошняга інцыдэнту Бурштын пачаў пісаць шматлікія лісты ў СМІ, у якіх на прыкладзе дадзенага выпадку выстаўляў сябе ахвяраю ды спрабаваў скампраметаваць усе незалежныя медыі ды апазіцыю. Надрукаваў зварот толькі сайт газеты Берасцейскага гарвыканкаму. Гэтае выданне ўжо не ў першы раз палівае брудам тых, хто не падтрымлівае ўлады, звяртае ўвагу Алесь Ляўчук.
Kомментарии