Жыве Пагоня і жыве Беларусь!

14:09, 02.06.15 - Беларусь

Віктар Шукеловіч: як Пагоня зрабіла мяне вялікім артыстам

Гэта была першая палова 90-ых, калі ў нас былі бел-чырвона-белыя падручнікі па гісторыі. У нашую вясковую школу мусілі з’ехацца нейкія важныя ды заслужаныя настаўнікі з усяго раёну. У школе запанаваў несусветны вэрхал. «Аёй, трэба надта добра падрыхтавацца да сустрэчы», – лямантавала адна мажная настаўніца, якая, відаць, адмыслова да гэтай падзеі пафарбавала валасы ў руды колер.

Завуч папрасіла мяне прачытаць верш на канцэрце, які меліся даць у гонар шаноўных гасцей. Я кіўнуў галавою, а намесніца дырэктаркі ўсунула мне лісток з вучнёўскага сшытку, спісаную слупкамі паэтычнага твора. Я схаваў картку ў кішэню і адразу ж пра яе забыўся.

Пра тыдзень завуч папрасіла мяне зайсці да яе ў кабінет, калі закончыліся ўрокі. Заганяны пасля фізкультуры і задуменны пасля матэматыкі я прыбег.

- Ну што, Шукеловіч, вывучыў верш, што я давала? Давай расказвай, я праверу, ці добра дэкламуеш?

- Гм, – я толькі цяпер згадаў пра верш у кішэні. Мае ж дзіцячыя мазгі пачалі шукаць выйсця з сітуацыі. – Ведаеце, Марыпаўлаўна, мы бульбу садзім і мне мама сказала скарэй дахаты ляцець, бо мне трэба кашы падносіць.

- Ну, добра, – згадзілася настаўніца, якая і сама, відаць, спяшалася дахаты. – Час да настаўніцкага з’езду яшчэ ёсць. Бяжы, бо бацькам трэба памагаць, але прыйдзі праз два дні.

Праз два дні мне трэба было забіраць малодшую сястру з садочка. Потым мне балеў жывот, пасля да нас прыязджалі госці і цялілася карова. Вучыць верш я пачаў усяго за пару дзён да канцэрта, сам сабе дзівячыся, што дагэтуль завуч так і не раскусіла, што я не ведаю ніводнага радка.



Пагоня на Вострай Браме ў Вільні. Фота wikipedia.org


Верш быў доўгі, але мне спадабаўся. «Усё лятуць і лятуць тыя коні, срэбнай збруяй далёка грымяць...».

Нарэшце ў нашую школу, якая блішчэла чыстымі вокнамі на сонцы, прыехалі доўгачаканыя настаўнікі. Поўдня яны лазілі па школе, прысутнічалі на ўроках, елі грачнёвую кашу з доўгай катлетай у сталоўцы, а потым сышліся ўсе ў актавай зале. Меўся быць канцэрт.

Каб не зблытацца падчас выступу, я напісаў шарыкавай ручкай самыя цяжкія радкі дробнымі літаркамі ў сябе на руцэ.

- Глядзі ж не забудзься, бо як заікнешся – будзе сорам для ўсёй школы, – падбадзёрвала мяне намесніца дырэктаркі.

Актавая зала была поўная. Настаўнікі з усяго раёну сядзелі, неяк дзіўна задраўшы ўгору насы. Былі там і сівыя, і маладыя, худыя ды тоўстыя... Тыл сцэны, як цяпер памятаю, быў упрыгожаны вялікай чырвона-белай Пагоняй аўтарства настаўніка малявання. Нарэшце вядоўцы-старшакласнікі з чырвонымі папкамі гучна аб’яўляюць – «Пагоня» Максіма Багдановіча. Я чую, што нехта ззаду пхае мяне ў плечы. Аўтаматычна, як у нейкай смузе, я ўзлажу на сцэну, абводжу вачыма залу і раптам разумею: я не памятаю ні радка, у галаве – бела і пуста. Напружваюся, зморшчыўшы бровы, але дарэмна. Перад вачыма толькі кашы, якія я падношу, калі дарослыя садзяць бульбу пад каня. Але ж выратаванне ёсць! Дробныя літаркі на руцэ! Позірк слізгае ў далонь, але я не магу разабраць ні слова – чарніла размазалася, бо ад знерваванасці перад выступленнем я нервова паціраў рукамі. Што рабіць? Каб хоць нехта нагадаў пачатак верша, далей я б успомніў... Настаўнікі ў актавай зале неяк прыпусцілі свае насы, а некаторыя пачалі крактаць і круціцца на сваіх месцах, відаць, знудзіўшыся паўзай, калі на сцэне стаяў у маўчанні спалоханы хлапчук.


Максім Багдановіч - "Вянок". Выконваюць Песьняры.


Я ведаў, што я мушу перастаць баяцца, бо толькі тады змагу нешта згадаць. Ці трэба проста сысці са сцэны? Але ж будзе ганьба для школы. Ды і для мяне... Я адчуваў, што нібы нейкія кавалкі рвуцца ўнутры мяне і трапечуць, як сцягі на ветры. Што гэна было? Адарваныя часткі вантробы, сэрца, селязёны? Я азірнуўся, шукаючы вачыма намесніцу дырэктаркі, каб тая прашаптала пачатак верша, і затросся ад нечаканасці: за маймі плячыма па палітым крывёю полі скакаў белы рыцар, які ад нецярплівасці крыху прыўзняўся на мускулістым кані, трымаючы ў руках меч.

Не ведаю, што гэта было, але радкі самі пацяклі з маіх вуснаў. «Толькі ў сэрцы трывожным пачую, за краіну радзімую жах...», – дэкламаваў я цвёрда і з напорам.

«Усё лятуць, і лятуць тыя коні...», – у маіх вачах былі вершнікі і коні, якія звонка білі капытамі па цвёрдай зямлі ў туманох. Я прачытаў увесь твор бясхібна. Зала настаўнікаў устала, цяпер гэта былі не толькі задзёртыя насы, а людзі, якія энергічна пляскалі ў ладкі. Нехта нават крыкнуў «Брава!». Мне ніколі больш так не дзякавалі воплескамі. Гэты выступ стаў самым удалым у маім жыцці. Багдановічаву «Пагоню», якая зрабіла мяне вялікім артыстам, я не забыў і праз больш як 20 гадоў.

Крыніца: Belsat.eu

Kомментарии