У Полацку знайшлі пячатку Еўфрасінні Полацкай

13:04, 01.06.15 - Беларусь

Старадаўнюю актавую пячатку Еўфрасінні Полацкай знайшлі на раскопках Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, паведамілі ў райвыканкаме.

Напярэдадні святкавання Дня горада Полацка і Дня памяці Еўфрасінні Полацкай (5-га чэрвеня) на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра завяршыліся раскопкі, у якіх прымалі ўдзел як беларускія, так і расейскія навукоўцы, паведамляе Радыё Рацыя. Яны і выявілі ўнікальны артэфакт.

„Гэтая знаходка чарговы раз падкрэслівае значнасць і ўнікальнасць асобы святой і сведчыць пра тое, што манастыр у 12-м стагоддзі быў не толькі буйным духоўным і культурным, але і грамадска-палітычным цэнтрам, дзе актыўна вялася перапіска, і Еўфрасіння Полацкая змацоўвала дакументы сваёй пячаткай”, – падкрэслілі ў райвыканкаме.

Плануецца, што знаходка будзе дададзеная ў экспазіцыю сценапісу, знятага са сцен Спаса-Праабражэнскага храма ў Мастацкай галерэі Полацка.

Прэзентацыя артэфакта адбудзецца ў Мастацкай галерэі 4 чэрвеня ў 10.00. Пячатка будзе экспанавацца тут цягам 4 дзён (4, 5, 6, 7 чэрвеня).


Kомментарии