Сурыкаў: Захад не ў стане адарваць Беларусь ад Расеі

02.04.17 11:20 - Палітыка

Такое меркаванне амбасадар Расеі ў Беларусі выказаў у інтэрвʼю «Спутнику» з нагоды так званага "Дня яднання народаў Беларусі і Расеі". Ён выказаў занепакоенасць вайсковымі вучэннямі НАТО ля мяжы з Беларуссю.

«Усё, што датычыць дзеянняў Захаду на ўкраінскім флангу, на беларускім, гэта ўсе дзеянні антырасейскія. І мы разумеем, што наступныя намаганні будуць накіраваныя ў Беларусь, і яны ўжо накіраваныя. Вы бачыце, як сюды зачасцілі дэлегацыі розныя. Мы да гэтага прыглядаемся, але разумеем, што цяпер Захад не ў стане адарваць Беларусь ад Расеі. Ды і Беларусь не гатовая кінуцца ў абдымкі Захаду, разарваўшы ўсе эканамічныя сувязі. Ёсць прыклад Украіны, ёсць прыклад Малдовы. Але пэўную занепакоенасць гэта выклікае, і мы ў гэтым кірунку працуем», – расказаў дыпламат.

Сурыкаў выказаўся наконт нафтагазавага канфлікту. Паводле дыпламата, кампраміс у нафтагазавым спрэчцы будзе дасягнуты ў любым выпадку.

А таксама ён пракаментаваў пратэстную хвалю ў Беларусі.

«У Расеі мне зразумела, там хутка будзе стартаваць перадвыбарная праграма прэзідэнта Расейскай Федэрацыі, і хтосьці хоча засвяціцца, прычым на тэме, над якой працуе і ўлада… У Беларусі некалькі іншая сітуацыя, тут апазіцыя выкарыстала як бы недапрацоўкі ўлады ў частцы прыняцця аднаго з законаў, які даволі сурʼёзна ўшчамляе частку грамадства. Трэба ж высветліць, хто свядома не хоча працаваць. Вось гэтага не адбылося. І другое, прынятае рашэнне без належнага абмеркавання ў грамадстве…», – сказаў расейскі чыноўнік.

belsat.eu

Каментары