КДБ ня ведае, дзе Статкевіч

26.03.17 10:57 - Палітыка

Трэці дзён сваякі і паплечнікі Міколы Статкевіча нічога ня ведаюць пра ягонае месца знаходжаньня.

Марына Адамовіч, жонка палітыка, спрабавала высьветліць гэта ў міліцыі і КДБ, але марна. Як паведамляе Свабода, 27 сакавіка яна зьбіраецца падаваць заяву аб зьнікненьні чалавека.

Сёньня прадстаўнік Камітэту дзяржбясьпекі Дзьмітрый Пабяржын сказаў Свабодзе, што ведамства ня мае ніякіх зьвестак пра тое, дзе цяпер можа быць Статкевіч.

Напярэдадні тэлеканал СТБ паказаў сюжэт, у якім супрацоўнікі КДБ атрымалі апэратыўную інфармацыю аб правакацыі, якая нібыта рыхтавалася ў Менску падчас акцыі на Дзень Волі.

«Пад апэратыўнае назіраньне трапіў прыпаркаваны 23 сакавіка на стаянцы ў раёне Акадэміі навук легкавы аўтамабіль. Ужо ўстаноўлены чалавек, які прыгнаў машыну на гэтае месца. Гэта 32-гадовы жыхар Менску Сяргей Кунцэвіч», — перадае СТБ.

У аўтамабілі як быццам знойдзена «гукаўзмацняльная апаратура, правады, мікрафон і кардонныя каробкі зь дзясяткамі бутэлек, напоўненых вадкасьцю з пахам гаручай сумесі і з кнотам з ануч. Як высьветлена, Кунцэвіч — прыхільнік Беларускага нацыянальнага кангрэсу, ініцыятарам якога зьяўляецца Статкевіч».

Марына Адамовіч удакладніла, што Сяргей Кунцэвіч — сябра аргкамітэту БСДП НГ (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада»), але ніколі ня быў кіроўцам Статкевіча.

Каментары