Расія рыхтуе "глебу" для акупацыі: грамадзянства РФ хочуць даваць усім рускамоўным. Ці купяцца беларусы?

13.03.17 11:44 - Палітыка

У Расеі можа быць уведзены новы прынцып атрымання грамадзянства, заснаваны на "праве глебы". Калі законапраект будзе прыняты, практычна любы беларус пры жаданні зможа атрымаць расейскае грамадзянства.

Як паведаміў намеснік старшыні камітэта па справах нацыянальнасцяў дзярждумы РФ Руслан Бальбек, гэта прадугледжвае законапраект, прапанаваны Канстанцінам Затуліным і Наталляй Паклонскай. Камітэт па справах нацыянальнасцей ужо даў сваё станоўчае заключэнне, перадае РИА Новости.

"У выпадку прыняцця дадзенага закона атрымаць грамадзянства Расейскай Федэрацыі можна будзе не толькі па прынцыпе крыві, сваяцтва, але і па прынцыпе глебы. Асноўным крытэрыем будзе з'яўляцца веданне расейскай мовы, а таксама бярэцца за аснову сувязь з тэрыторыямі Савецкага Саюза і Расейскай імперыі", - сказаў Бальбек.

Такім чынам, паводле яго слоў, права на спрошчаную працэдуру набыцця расейскага грамадзянства атрымаюць носьбіты расейскай мовы - выхадцы або іх сваякі з краін постсавецкай прасторы, якія некалі ўваходзілі ў склад СССР або Расейскай імперыі.

"Права глебы" - юрыдычны тэрмін, які замацоўвае права атрымання грамадзянства той ці іншай дзяржавы за асобамі, якія нарадзіліся на тэрыторыі гэтай дзяржавы незалежна ад іх расавай, нацыянальнай або моўнай прыналежнасці.

Улічваючы той факт, што Беларусь больш за 200 гадоў была ў складзе Расейскай імперыі, а потым і ў складзе СССР, а таксама той факт, што ў выніку палітыкі русіфікацыі, якая праводзіцца спачатку Расейскай імперыяй, пазней бальшавікамі, а зараз і рэжымам Лукашэнкі, беларусы ў большасці сваім рускамоўныя, у выпадку прыняцця гэтага законапраекта ў вялікай колькасці беларусаў будзе магчымасць пры жаданні атрымаць грамадзянства РФ.

Калі такіх людзей апынецца досыць шмат, у Расеі з'явіцца падстава для акупацыі Беларусі для "абароны грамадзян РФ".

Так што, калі гэты законапраект будзе прыняты, для беларусаў ён стане своеасаблівым тэстам на патрыятызм.


belaruspartisan.org

Каментары