Расея можа забараніць любому замежніку ўезд у Беларусь

21.03.16 17:40 - Палітыка

18 сакавіка ў Беларусь не пусцілі фронтмэна ўкраінскага гурта “Фіолет” Сяргея Мартынюка. Тры канцэрты з-за гэтага былі сарваныя. Беларускія памежнікі сказалі Мартынюку, што ён неўязны ў Расею. А значыцца, і ў Беларусь, якая ўваходзіць разам з РФ у так званую "саюзную дзяржаву".

“Ёсць пагадненне ў межах саюзнай дзяржавы, яно тычыцца работы з асобамі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі ці тэрыторыю Расеі. Таму існуюць пэўныя абмежаванні, якія распаўсюджваюцца і на нашай, і на расійскай межах”, — тлумачыць сітуацыю прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка, паведамляе euroradio.fm.

Адпаведна, калі Беларусь забараняе некаму ўезд, то чалавек з-за гэтага не зможа легальна трапіць у Расею.

Тым часам у РФ паднялася чарговая хваля за тое, каб забараніць уезд дзеячам украінскай культуры. Грамадзяне ствараюць петыцыі, расейскія дэпутаты нярэдка выказваюцца на гэты конт. У першую чаргу, гутарка пра Святаслава Вакарчука з гурта “Океан Эльзи” і Уладзіміра Зяленскага з “Квартала 95”.

Каментары