Губарэвіч аштрафаваны за ўдзел у акцыі супраць расейскай ваеннай базы

23.10.15 12:05 - Палітыка

Першы намеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч 23 кастрычніка аштрафаваны судом Цэнтральнага раёна Мінска на 20 базавых велічынь (3 млн. 600 тыс. беларускіх рублёў) за ўдзел у акцыі супраць размяшчэння ў Беларусі расейскай ваеннай базы, якая адбылася ў сталіцы 4 кастрычніка.

Як паведаміў БелаПАН Губарэвіч, яго прызналі віноўным па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), перадае belaruspartisan.org.

Зараз у гэтым жа судзе разглядаецца аналагічнае адміністрацыйная справа ў дачыненні да старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

Раней за арганізацыю акцыі супраць расейскай ваеннай базы суд Цэнтральнага раёна Мінска пастанавіў аштрафаваць на 50 базавых велічыняў (9 млн. рублёў) апазіцыйных палітыкаў Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча. За ўдзел у акцыі былі таксама аштрафаваныя палітык Вячаслаў Сіўчык (10.800.000. рублёў), мастак Аляксей Марачкін (3,6 млн. рублёў), грамадскія актывісты Аляксандр Мех (7,2 млн. рублёў) і Алесь Таўстыка (4,5 млн. рублёў), старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (9 млн. рублёў).

Акцыя "За мірную, нейтральную Беларусь" супраць размяшчэння ў Беларусі замежных ваенных баз прайшла 4 кастрычніка на сталічнай плошчы Свабоды ў фармаце народнага сходу выбаршчыкаў.

Каментары