Міністр абароны Беларусі: Сэнсу ў расійскай авіябазе на нашай тэрыторыі няма

22.10.15 19:53 - Палітыка

Аляксандр Лукашэнка яшчэ не прыняў канчатковае рашэнне наконт размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі.

Хаця кансультацыі па ўмовах размяшчэння ў Беларусі расійскай авіябазы завяршыліся, вайскоўцы распрацоўваюць іншыя, больш эфектыўныя спосабы абароны дзяржаўнай мяжы.

З такой заявай выступіў міністр абароны Андрэй Раўкоў на семінары для прадстаўнікоў рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, паведамляе тэлеканал АНТ.

Андрэй Раўкоў: "Які сэнс размяшчаць авіяцыйную базу на тэрыторыі Беларусі? Пакуль сэнсу няма. Развагі такія: нашыя суседзі, асабліва новаабраны прэзідэнт Польшчы, ён просіць NATO (і яны пагадзіліся) размясціць чатыры базы рознага прызначэння, у тым ліку і авіяцыйнага, у непасрэднай блізкасці ад мяжы Беларусі. І адказ просты: дык, можа, мы возьмем нейкія сродкі паражэння, якія могуць своечасова ў патрэбным месцы нанесці паразу гэтым аб'ектам? Гэта будзе нашмат больш эфектыўна, чым авіяцыйная база".

Нагадаем, што размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі выклікае палкія абмеркаванні. Уладзімір Пуцін падпісаў ужо адпаведнае пагадненне. Тым часам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ён такі дакумент яшчэ не падпісваў.


euroradio.fm

Каментары