Міхалевіча выклікаюць на допыт як абвінавачанага у масавых беспарадках

09.09.15 16:05 - Палітыка

Алесь Міхалевіч атрымаў позву ў Следчы камітэт на 11 верасня да следчага Дзмітрыя Купкі.

Кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча выклікалі на допыт у Следчы камітэт як абвінавачанага па справе "масавых беспарадкаў". 8 верасня палітыка затрымалі на мяжы: ён вяртаўся з Чэхіі, куды з'ехаў пасля выхаду са следчага ізалятара КДБ у 2011 годзе.

Следчы Дзмітрый Купка чакае палітыка на допыт 11 верасня, а 10-й раніцы. Пра гэта Еўрарадыё распавёў сам Алесь Міхалевіч.

Міхалевіч: "Выклікаюць па маім ранейшым статусе — у якасці абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Падрабязна мне нічога не тлумачылі, выклікалі для "правядзення следчых дзеянняў". Паабяцалі, што здолеюць запісваць мае паказанні па-беларуску".

Алеся Міхалевіча затрымалі ў ноч на 20 снежня 2010 года, пасля разгону Плошчы. Пасля двух месяцаў знаходжання ў следчым ізалятары КДБ яго выпусцілі. Праз тыдзень ён зрабіў гучную заяву пра катаванні ў следчым ізалятары і яго вярбоўку. Праз нейкі час Міхалевіч таемна пакінуў краіну і ўцёк у Чэхію.


euroradio.fm

Каментары