У Вярхоўны суд падалі скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча

22.07.15 19:14 - Палітыка

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, кіраўнік ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Марына Адамовіч 22 ліпеня падала ў Вярхоўны суд скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча.

Рашэнне адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча было прынята на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 20 ліпеня, паведамляе novychas.info.

Адамовіч паведаміла, што рашэнне пра абскарджанне дзеянняў Цэнтрвыбаркама ёю было прынята 20 ліпеня яшчэ падчас пасяджэння камісіі. «Мы мяркуем, і думаю, што абгрунтавана мяркуем, што нерэгістрацыяй ініцыятыўнай групы парушаныя правы 1.700 грамадзян, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы», — сказала жонка палітыка.

Як зазначыла Адамовіч, у Вярхоўнага суда ёсць тры дні на разгляд скаргі. Паводле яе слоў, у судзе ёй было сказана, што разгляд скаргі можа адбыцца 24 ліпеня.

Каментары