Дакументы па вылучэнні Статкевіча ў прэзідэнты перададзеныя ў ЦВК

16.07.15 15:58 - Палітыка

У Цэнтрвыбаркам пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча.

Як інфармуе БелаПАН, у ініцыятыўную групу Статкевіча ўваходзяць больш за 1,7 тысячы чалавек, узначальвае яе жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч.

Ідэю вылучэння Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі, калі палітычныя сілы не змогуць дамовіцца аб іншым адзіным кандыдаце, упершыню агучыў у жніўні 2014 Уладзімір Някляеў - экс-кандыдат у прэзідэнты, які на той момант узначальваў грамадзянскую кампанію "Гавары праўду". У кастрычніку таго ж года жонка палітвязня Марына Адамовіч паведаміла, што Статкевіч згодны стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі на чарговых выбарах.

У маі 2005 года палітык быў прысуджаны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Пакаранне Статкевіч адбываў у горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці і вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, па дадзеных ЦВК, за Статкевіча прагаласавалі 1,05% галасоў выбаршчыкаў. Як і іншыя апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, ён быў арыштаваны вечарам 19 снежня 2010 года пасля несанкцыянаванага мітынгу грамадзян, незадаволеных афіцыйнымі вынікамі выбараў. У маі 2011 года суд прызнаў Статкевіча вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён заявіў, што не пойдзе на гэта ні пры якіх абставінах.


Крыніца: belaruspartisan.org

Каментары