Дзярждэпартамэнт ЗША пра Беларусь: палітычныя арышты, злоўжываньні, карупцыя

02.07.15 18:33 - Палітыка

Сёньня Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовы даклад аб стане правоў чалавека ў розных краінах сьвету.

У дакладзе, у прыватнасьці, адзначаецца, што ўлады Беларусі працягваюць «арышты па палітычных прычынах і выкарыстоўваюць адміністрацыйныя рычагі для затрыманьня палітычных актывістаў».

Даклад апісвае Беларусь як «аўтарытарную дзяржаву», дзе «ўлады адвольна арыштоўваюць, затрымліваюць, садзяць у турму грамадзянаў за ўдзел у дэманстрацыях і іншых формах палітычнай дзейнасьці».

Сярод праблемаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае злоўжываньні з боку сілавых структур, якія жорстка абыходзяцца з падазраванымі і асуджанымі падчас расьследаваньня і ў турмах.

Судовая сыстэма краіны цярпіць ад палітычнага ўмяшаньня і адсутнасьці незалежнасьці, судовыя выракі часта вызначаюцца загадзя.

Улады таксама абмяжоўваюць грамадзянскія свабоды, уключаючы свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцыяў і сумленьня, па-ранейшаму перашкаджаюць дзейнасьці некаторых рэлігійных групаў.

Карупцыя ва ўсіх галінах улады таксама застаецца ў Беларусі праблемай, адзначаецца ў дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША.


Крыніца: Радыё Свабода

Каментары