Някляеў заклікаў усіх патэнцыйных кандыдатаў зняцца з выбараў

29.06.15 14:24 - Палітыка

На яго думку, ніводная апазіцыйная структура не здолее сабраць 100 тысяч подпісаў. Таму неабхода вылучыць адзіным палітвязня Мікалая Статкевіча.

Былы лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў заклікаў усіх патэнцыйных кандыдатаў зняцца з прэзідэнцкіх выбараў на карысць палітвязня Мікалая Статкевіча. У каментарыі палітык і пісьменнік паведаміў, што ён “не гуру, каб усе слухаліся”, але разам з тым лічыць “неабходным адмовіцца ад удзелу ў гэтай выбарчай кампаніі”. Пра гэта паведамляе euroradio.fm.

"Ніхто, ніводная сіла цяпер не ў стане сабраць гэтыя 100 тысяч подпісаў. Гэта вам любы дасведчаны чалавек з апазіцыі скажа, любы”, — гаворыць Някляеў.

Публікуем яго публічны зварот пад назвай “Пакуль не позна”:

“Цэнтральны камітэт БСДП "Грамада", партыі, якая ўваходзіць у кааліцыю "Народны рэферэндум", не прыняў рашэння аб падтрымцы на прэзідэнцкіх выбарах патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты ад гэтай кааліцыі.

Што з гэтага вынікае?

Найперш тое, што шанцаў сабраць 100000 подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты, не засталося ні ў каго з удзельнікаў выбарчай кампаніі, якія прадстаўляюць беларускую дэмакратычную апазіцыю. Іх і так не было, але цяпер яно стала відавочна для кожнага, хто мае хоць нейкае ўяўленне пра стан апазіцыйнага асяродку.

Што ў гэтай сітуацыі рабіць?

Да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп усім патэнцыйным кандыдатам зняцца з выбараў, а ўсім апазіцыйным структурам падтрымаць вылучэнне адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі палітвязня Мікалая Статкевіча. Гэта адзінае правільнае рашэнне як з гледзішча палітыкі, так і з гледзішча маралі. І ўвогуле гэта рашэнне, выратавальнае для апазіцыі. Што будзе, калі апазіцыя не зробіць гэтага?

Калі цяперашнія патэнцыйныя кандыдаты з выбараў не здымуцца, калі апазіцыя не вылучыць адзінага кандыдата, яна непазбежна стане на шлях фальсіфікацый, свядома пойдзе на падман выбарцаў. А значыць, стане на шлях улады. Апазіцыя ўжо мела такі "досвед" у 2010 годзе, што прывяло яе практычна да разгрому. Цяпер гэта будзе крыж, які яна ўласнымі рукамі паставіць на сваёй магіле.

Я супраць гэтага. Мой сыход з апазіцыі ні ў якім разе не азначае, што я хачу, каб яе не стала. Я не хачу гэтага хоць бы таму, што яно несправядліва ў адносінах да актывістаў апазіцыі, да людзей, што не маюць дачынення ні да якіх закулісных гульняў, шчыра аддаюць сябе барацьбе за дэмакратычную, вольную будучыню Беларусі. Кіраўнікі апазіцыйных структур проста не маюць права ўцягваць гэтых людзей у фальсіфікацыі, у падман. Таму рашэнне аб змене сцэнару ўдзелу апазіцыі ў прэзідэнцкіх выбарах павінна быць прынятае неадкладна, адразу пасля афіцыйнага абвяшчэння даты іх правядзення. Усё астатняе ― позна”.

Каментары