Барыс Хамайда аб «выбарах»: лічу, што трэба рыхтавацца да Плошчы, каб нейкім чынам прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады

24.06.15 16:21 - Палітыка

Свабодныя выбары ў Беларусі магчымыя толькі пры аднаўленні канстытуцыйных нормаў 1994 года. Такое меркаванне выказаў вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

- Ужо некалькі разоў была агучана верагодная дата прэзідэнцкіх "выбараў" у Беларусі - 11 кастрычніка. Калі дата пацвердзіцца, часу засталося не так шмат. Як вы ацэньваеце гэтую падзею?

- Я прытрымліваюся пазіцыі байкоту гэтых "выбараў". Байкатаваць - таму што ў нас выбараў няма. У 1996 годзе адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, і мы не павінны гуляць па правілах гэтай злачыннай групоўкі, якая зараз кіруе краінай. Першае, што мы павінны зрабіць - гэта дамагацца, каб краіна вярнулася ў канстытуцыйнае поле, вярнулася да легітымнай канстытуцыі 1994 года. І толькі потым можна праводзіць сапраўдныя выбары. А без гэтага - любыя «выбары» будуць фарсам.

- Якім чынам можна ажыццявіць гэты паварот да канстытуцыйнага рэжыму?

- Пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка, паварот да легітымнай канстытуцыі 1994 немагчымы. Таму я лічу, што трэба рыхтавацца да Плошчы, каб нейкім чынам прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад улады. Тады мы зможам вярнуцца да канстытуцыйнага рэжыму 1994 года. Без вяртання да той Канстытуцыі ў нас няма ніякай перспектывы. А зараз мы, фактычна, затрымаліся ў нейкім ліхалецце, як у «чорнай дзіркі». Няма ні легітымнага асноўнага закона, законы не працуюць, і ўсё, што робіць гэтая ўлада - проста незаконна. Я яшчэ раз падкрэсліваю: нельга гуляць па правілах злачыннай групы. Гуляць з уладай па яе правілах - гэта тое ж самае, што ў 90-х спрабаваць выйграць у «напарстнікі» на рынку.


Крыніца
: freeregion.info

Каментары