«Без усялякіх дурных ініцыятыў, кшталту: не туды пайшоў, не там стаў, хапаць, цягнуць»

23.06.15 17:06 - Палітыка

Лукашэнка заклікае правесці выбары «на вышэйшым узроўні».

Перад намі стаяць сур'ёзныя і адказныя задачы. Нам неабходна падрыхтаваць і правесці прэзідэнцкія выбары, па-першае, адкрыта, па-другое, сумленна, па-трэцяе, спакойна, і самае галоўнае - строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і тымі абавязкамі, якія мы ўзялі перад міжнароднымі арганізацыямі, - цытуе Аляксандра Лукашэнку прэс-служба "прэзідэнта".

Будучую палітычную кампанію "кіраўнік дзяржавы", выступаючы на нарадзе па ўнутрыпалітычных пытаннях, назваў экзаменам ўлады перад народам. Вынікі выбараў прадэманструюць стаўленне людзей да вынікаў гэтай працы, а таксама стануць асновай стратэгіі далейшага развіцця краіны, дадаў ён.

Паводле слоў дыктатара, асноўную ролю ў правядзенні выбараў у адпаведнасці з заканадаўствам будзе гуляць Цэнтрвыбаркам:

ЦВК з часу абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў, і толькі ён, будзе займацца ў краіне арганізацыяй і правядзеннем выбарчай кампаніі. Усе астатнія - і я ў тым ліку - будуць удзельнічаць у ёй толькі пастолькі, паколькі гэтага запатрабуе ЦВК. Ўсялякія заявы, ініцыятывы павінны ўзгадняцца са старшынёй Цэнтрвыбаркама, - заявіў Лукашэнка, заклікаўшы ЦВК стварыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў.

Лукашэнка таксама запэўніў, што нікому не будзе забаронена назіраць за выбарамі - «ні унутраным назіральнікам, ні замежным».

— Мір, спакой і стабільнасць значна важней любых электаральных кампаній, любых прэзідэнцкіх, парламенцкіх і іншых выбараў.

Ён звярнуў увагу на асаблівую важнасць забеспячэння бяспекі ва ўмовах «трывожных падзей, якія адбываюцца на міжнароднай арэне і непасрэдна ля межаў Беларусі».

— Але пры гэтым хачу папярэдзіць: без усялякіх празмернасцяў, без усялякіх дурных, бесталковых, непатрэбных ініцыятыў, кшталту: не туды пайшоў, не там стаў, хапаць, цягнуць і гэтак далей. Працуйце на апярэджанне, растлумачвайце, прасіце. Мы не павінны дапусціць пры гэтым аніякай дэстабілізацыі становішча ў краіне.


Крыніца:
gazetaby.com

Каментары