Статкевіч папярэдзіў Менгарвыканкам пра акцыю 1 траўня

27.04.17 11:39 - Беларусь

Мікалай Статкевіч перадаў у Менгарвыканкам сваю заяву, у якой паведаміў аб правядзеньні 1 траўня сьвяточнага сходу на Кастрычніцкай плошчы.

«У адпаведнасьці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі пагадненьнямі, паведамляю пра намер Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу далучыцца да сьвяткаваньня дзяржаўнага сьвята — Дня Працы 1 траўня, і правесьці ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы Менску сьвяточны сход», — гаворыцца ў заяве, паведамляе радыё Свабода.

Акцыя пачнецца 1 траўня а 14 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

«У Беларусі адсутнічае законна абраны парлямэнт і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый. Таму, у адпаведнасьці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляю пра наш намер правесьці 1 траўня сьвяточны сход за 5 дзён да яго пачатку.

Прапаную выканаць патрабаваньні Канстытуцыі і забясьпечыць бесьперашкоднае і бясьпечнае правядзеньне акцыі», — напісаў Мікалай Статкевіч.

Каментары