Лагвінцу — 10 сутак. АМАПавец: «Лагвінец біўся галавой аб аўтамабіль»

27.03.17 23:29 - Беларусь

Суд Маскоўскага раёну прысудзіў палітыку Алесю Лагвінцу 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Прысуд вынес судзьдзя Віктар Казак. Пасьля абвяшчэньня выраку ў судзе скандавалі «Ганьба!».

Лагвінец быў гвалтоўна затрыманы каля свайго дому 23 сакавіка, разам зь ім затрымалі яго сына, але пазьней адпусьцілі. Суткі пачынаюць лічыцца ад 23 сакавіка — Лагвінец мае выйсьці на волю 2 красавіка.

На судзе над палітыкам Лагвінцом сьведка-АМАПавец Аляксандар Кавальчук заявіў, што Лагвінец сам сабе нанёс цялесныя пашкоджаньні.

«Лагвінец біўся галавой аб сядзеньне аўтамабіля. Мы надзелі яму кайданкі. Цялесныя пашкоджаньні Лагвінец нанёс сабе сам, біўшыся галавой аб аўтамабіль», — заявіў Кавальчук.

Яго паказаньні пацьвердзіў старшы лейтэнант АМАП Аляксандар Цюніс, які таксама выступаў сьведкам. Лагвінец жа ўстаў, каб паглядзець у вочы Кавальчуку, назваў таго хлусам. Ён заяўляе пра зьбіцьцё і выкраданьне.

Лагвінца спрабавалі судзіць за «дробнае хуліганства» ў дзень затрыманьня, 23 сакавіка. Але з суду яму выклікалі «хуткую дапамогу» і адвезьлі ў лякарню. Са слоў сына, у Алеся Лагвінца страсеньне, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа. У лякарні яго пільнавалі «людзі ў цывільным».

Каментары