"Гэта мы з пацанамі выкрадаем людзей" - вулічны мастак адказаў Шуневічу графіці

27.03.17 12:47 - Беларусь

Раніцай у панядзелак у Менску з'явіўся новы стрыт-арт.

Усяго постэраў было зроблена тры. На вентыляцыйнай шахце метро насупраць галоўнага ўваходу ў Інстытут культуры размясціўся Ігар Яўсееў - галоўны міліцыянт Мінска ў выглядзе гопніка: "на кортах", у спартыўным касцюме і кепцы. Побач з ім надпіс: "Гэта мы з пацанамі выкрадем людзей".



Другі постэр размешчаны ў арцы - ўваходзе ў двор Мінгарвыканкама. Ён прысвечаны начальніку сталічнага АМАПа Дзмітрыю Балабе. Побач з яго фігурай ў поўны рост размешчаны подпіс: "Гэта я кірую разгонамі мірных сходаў грамадзян. За вашыя грошы".

Трэці размешчаны на "будцы Быкава" - у двары побач з плошчай Перамогі, на трансфарматарнай будцы, дзе калісьці з'явіўся, а потым быў зафарбаваны партрэт Васіля Быкава. Тут размешчаны постэр, які паказвае міністра МУС Ігара Шуневіча ў палявой форме НКУС і пісталетам у руцэ. Надпіс побач з ім абвяшчае: "Гэта я ганаруся формай і метадамі НКУС".

Трэці постэр самы сімвалічны для мастака, які яго зрабіў. Таму што менавіта ў гэтым двары ён уратаваўся ад "хапуна" 25-га сакавіка, калі людзей хапалі у тым ліку ў дварах. Тут мастаку і яго сябрам мясцовы жыхар адкрыў дзверы пад'езда, каб яны маглі схавацца.

Актывіст стрыт-арта распавёў "Беларускаму Партызану", для чаго і чаму ён правёў гэтую акцыю.

- Перш за ўсё, мне хацелася б, каб не змаўкала грамадскае абмеркаванне ўсяго бязладдзя, якія рабіліся міліцыяй у нашай краіне апошнія некалькі тыдняў. Акрамя таго, я хачу, каб людзі, якія адчуваюць сябе ўсяго толькі "шрубкамі" у гэтай сістэме, разумелі, што яны таксама нясуць персанальную адказнасць за ўвесь гэты кашмар. Трэба, каб грамадства ведала іх і памятала іх прозвішчы. Людзей, якія лічацца праваахоўнікамі, а паводзяць сябе як гопнікі і дзейнічаюць як НКУС", - сказаў актывіст "Беларускаму Партызану".

Каментары