Памёр апошні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч

30.03.16 00:18 - Беларусь

У Менску на 85-ым годзе жыцьця памёр народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

Ніл Гілевіч — паэт, перакладчык, аўтар дзесяткаў паэтычных зборнікаў, кніг па літаратуразнаўству і фальклярыстыцы.


Член Саюза пісьменьнікаў з 1954 году.


Скончыў філялягічны факультэт БДУ (1956), кандыдат філялягічных навук, прафэсар кафэдры беларускай літаратуры філфаку БДУ.

У 1980-89 — першы сакратар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.


Ляўрэат дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980), народны паэт Беларусі (1991).


Ніл Гілевіч з 60-ых гадоў актыўна выступаў за беларусізацыю, у якасьці дэпутата Вярхоўнага Савета 11-га скліканьня быў адным зь ініцыятараў прыняцьця Закону аб мовах.


У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня ўзначальваў Камісію па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны.


У 1989 −1997 старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.


Адзін з сустрашыняў Усебеларускага З’езду пра Незалежнасьць (ліпень 2000 году).


У канцы 2013 году выйшаў апошні 23-ці том Збору твораў.​





Да Беларусі

За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем... I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!

Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але –
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.

А можа быць, яна – міраж,
I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?

Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.

Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..


Я — беларус

Я — беларус, я нарадзiўся
На гэтай казачнай зямлi,
Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх
Адвеку прашчуры жылi.

Я — беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае iмя:
Аб добрай славе Беларусi
У свеце знаюць нездарма!

Я — беларус, i я шчаслiвы,
Што мацi мову мне дала,
Што родных песень пералiвы
I зблiзку чую, i здаля.

Я — беларус, i хоць сягоння
Яшчэ малы, але скажу:
Я родам з племя непакорных
I прад бядой не задрыжу!..


Верш на Свабоду

Новы век
Азарыў небасхіл.
«Чый ён будзе?» —
Прарокі гамоняць.
Будзе наш —
Калі выстарчыць сіл
У цябе,
Беларуская моладзь!

Значыць,
Трэба па долю ісьці
Зь цьвёрдай верай,
Што вёрсты ня змораць.
Дык ня страць,
Не ўступі,
Не ўпусьці
Гэты шанц,
Беларуская моладзь!

Хай за зданьню
Пачварыцца здань —
Сілу волата
Цені ня зломяць.
Час прабіў:
Уздыміся
І стань
У шыхты,
Беларуская моладзь!

Веру:
Выпаўзьні з чорнай начы
Дух твой вольны
На здраду ня змовяць.
Раздрузгоч,
Раскрышы
І зьмяці
Іх кубло,
Беларуская моладзь!

Помні:
Волю ў змаганьні бяруць,
А ня просяць,
Ня кленчаць,
Ня моляць.
Толькі ты
Зьберажэш Беларусь!
Толькі ты,
Беларуская моладзь!






...

Каб песню, вартую народа,
На поўны голас шчыра спець -
Што трэба творцу? Вельмі многа!
Радзіму ў сэрцы трэба мець!

...

Каментары