Затрыманні і ператрусы ў фанатаў «Партызана»: ГУБАЗ расследуе злачынства трохгадовай даўнасці

22.03.16 16:54 - Беларусь

Як паведамляе АЧК, сёння прайшлі ператрусы ў меркаваных фанатаў футбольнага клуба «Партызан-Менск», у сувязі з інцыдэнтам, які адбыўся больш за паўтары гады таму.

Паводле недакладных дадзеных, за апошні час ператрусы былі праведзены ў больш за 20 чалавек, на дадзены момант вядома, што па меншай меры трох з іх павезлі ў ГУБАЗ ў кайданках. Канфіскаваная кампутарная тэхніка і футболкі з ідэйнымі надпісамі, паведамляе ПЦ Вясна.

Ператрусы і затрыманні прайшлі ў сувязі з крымінальнай справай па арт. 339.2 (хуліганства, здзейсненае групай асобаў), узбуджанай 29 чэрвеня 2014 года, калі некалькі футбольных фанатаў клуба «Партызан» заблакавалі на маршруце тралейбус №3 у Менску. Гэта здарылася каля гандлёвага цэнтра «Maximus». Падчас разборкі з «тарпедаўцамі», якія знаходзіліся ў салоне, былі зняты токапрыёмнікаў транспартнага сродку, разбіта шкло, распылены слезацечны газ.

Праз 10 дзён пасля інцыдэнту прэс-служба МУС паведаміла, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Менска затрымалі ў якасці падазраваных больш за 10 футбольных фанатаў, якія ў хуткім часе былі вызваленыя без прад'яўлення абвінавачванняў.

У студзені 2016 года Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведаміў пра зварот хлопца, які распавёў пра ціск на яго з боку следчых ГУБАЗа. Спачатку ён прызнаўся ў злачынстве, аднак пазней вярнуўся з адвакатам і адмовіўся ад сваіх слоў. Да гэтага часу ён заставаўся ў якасці сведкі, аднак сёння ён апынуўся ў ліку рабят, якіх адвезлі ў ГУБАЗ пасля ператрусаў.

Гэта не першы раз, калі па справе двухгадовай даўнасці аднаўляецца следства: у мінулым годзе па справе аб масавай бойцы з неанацыстамі ў Брэсце (якая здарылася ў 2013 годзе) былі асуджаныя два антыфашыста - Дзмітрый Сцяшэнка і Раман Багдан, на два гады пазней іх таварыша Дзмітрыя Званько, асуджанага ў 2014 годзе. Нам таксама вядома пра ціск з боку ГУБАЗа на антыфашыстаў Белаазёрска і Гродні, дзе падманам і ціскам людзей спрабуюць прымусіць даць паказанні на сваіх таварышаў.

Каментары