Прадпрымальнікі зьбіраюцца 15 лютага на Кастрычніцкую плошчу

10.02.16 18:37 - Беларусь

Прадпрымальнікі, ня згодныя з адменай грамадзкай арганізацыяй «Пэрспэктыва» мітынгу ў Менску, вырашылі сабрацца на акцыю пратэста 15 лютага а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.

Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Менску Аляксандар Макаеў.

«Гэтае рашэньне прынятае індывідуальнымі прадпрымальнікамі розных рэгіёнаў Беларусі — мы разам дасягнулі дамоўленасьці адносна часу і месца. Таму ад імя прадпрымальнікаў заклікаю да нашай „цэхавай“, карпаратыўнай салідарнасьці, якая была ў нашых продкаў у Вялікім княстве Літоўскім, калі многія гарады мелі Магдэбурскае права і рамесьнікі маглі салідарна адстойваць свае прафэсійныя і грамадзянскія правы. Гэты час надышоў цяпер і для ўсіх прадпрымальнікаў Беларусі. У нас ёсьць законнае права на мірны пратэст у змаганьні за сваё права на працу.

Ад свайго імя як лідэр прадпрымальніцкага руху вітаю і заклікаю падтрымаць наш пратэст усе грамадзкія рухі, палітычныя партыі і ўсіх грамадзян краіны. Наш пратэст будзе моцны агульнай салідарнасьцю ў змаганьні за права на працу і годнае жыцьцё для ўсіх грамадзян Беларусі».

Макаеў адзначыў, што індывідуальныя прадпрымальнікі абураныя абразамі, якія выказаў на іх адрас Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы зь міністрам гандлю.


Фота: RFE/RL

Каментары