Судовыя выканаўцы пачалі забіраць аўто даўжнікоў проста на вуліцы

29.01.16 11:10 - Беларусь

Судовыя выканаўцы ў Беларусі і супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі пачалі праводзіць сумесныя рэйды на дарогах па выяўленні аўтамабіляў даўжнікоў.

Пра гэта паведаміў журналістам судовы выканаўца Беларусі Андрэй Аўдзееў, паведамляе euroradio.fm.

Па яго інфармацыі, ужо цяпер адбываюцца сумесныя рэйды з ДАІ па выяўленні ў патоку машын аўтамабіляў даўжнікоў. Аўто могуць забраць на штрафстаянку, калі сума пазыкі сувымерная з коштам машыны.

Галоўны судовы выканаўца пакуль не можа сказаць, колькі менавіта аўтамабіляў канфіскавалі такім чынам, але яшчэ раз пацвердзіў, што такія выпадкі ўжо былі. Ён назваў гэта прафілактычнай мерай, якая павінна стымуляваць даўжнікоў не дапускаць узнікнення запазычанасці не толькі па адміністратыўных спагнаннях, але і па іншых відах даўгоў.

Усяго на выкананні ў службы судовых выкананняў летась было 3,3 мільёна вытворчасцяў. Калі ўлічыць, што колькасць насельніцтва Беларусі болей 9 мільёнаў, то агучаная колькасць дастаткова вялікая. 2,2 мільёна выканаўчых вытворчасцяў было скончана. У 10,9% выпадкаў дакументы вярнулі спагнальнікам з-за немагчымасці выканання, паведамляе БЕЛТА.


Фота: Onliner.by

Каментары