У Менску пікетавалі супраць безаконня судоў і пракуратуры

24.09.15 16:55 - Беларусь

У Менску на плошчы Свабоды прайшоў пікет грамадзянаў, якія пацярпелі ад беззаконня судоў і пракуратуры. Спачатку каля 20 чалавек спрабавалі трапіць на прыём да кіраўніка адміністрацыі "прэзідэнта" Беларусі.

Супрацоўнікі адміністрацыі абяцалі праінфармаваць яе кіраўніка пра просьбу грамадзянаў аб сустрэчы. Аднак, як распавяла юрыст і праваабаронца Тамара Сяргей, гэта не было зроблена — кіраўніка адміністрацыі быццам не было на месцы. І тады грамадзяне вырашылі правесці пікетаванне і заявіць пра свае парушаныя правы, – сказала Тамара Сяргей:

– Мы ў нашай краіне хочам бараніць свае правы. Кіраўнік дзржавы за ўвесь час свайго кіравання не аднавіў нашае канстытуцыйнае права на адказ па сутнасці на нашыя скаргі ў дзяржаўныя органы, у тым ліку – суды і пракуратуру. І калі ён не ў стане аднавіць парушаныя канстытуцыйныя правы грамадзян, то ён не мае права чарговы раз прэтэндаваць на такую высокую пасаду ў нашай дзяржаве.

Па словах Тамары Сяргей, Канстытуцыя Беларусі павінна выконвацца. „І мы патрабуем гэтага ад кіраўніка краіны, які з’яўляецца гарантам выкананння Канстытуцыі.

Мы таксама звяртаемся да грамадзянаў нашай краіны. Толькі мы самі можам адстаяць нашыя правы, правы сваіх блізкіх. Таму ні ў якай цяжкай і безвыходнай сітуацыі нельга здавацца” — падкрэсліла Тамара Сяргей.


racyja.com

Каментары