Невядомыя ў масках зладзілі флэш-моб у Бярозаўцы

28.07.15 18:33 - Беларусь

Флэш-моб быў праведзены каля шклозавода „Нёман”, які забруджвае наваколле шкоднымі рэчывамі.

Невядомыя мужчыны ў чорных масках зладзілі флэш-моб у Бярозаўцы Лідскага раёна.

Па словах відавочцаў, да транспартнай прахадной шклозавода „Нёман”, дзе вырабляецца шкловата, былі складзеныя аўтамабільныя пакрышкі, раскіданыя ўлёткі.

Таксама невядомыя пакінулі побач бутэлькі з невядомай вадкасцю і запалілі дымавыя шашкі.

„Тое, што побач са шкоднай вытворчасцю адбылася такая акцыя не выклікае здзіўлення, – адзначыў мясцовы грамадскі актывіст Вітольда Ашурка: - Тое, што знайшліся людзі, якім лёс горада неабыякавы, то я здзіўляюся, што толькі цяпер а не раней. Вось гэты флэш-моб ён павінен быў адбыцца. Жыхары нашага горада проста зведзеныя да ўзроўню статыстаў. Ніхто не пытаецца, ніякай інфармацыі ніхто не дае, хіба што мы пачнем тут зараз паміраць і тады штосьці зменіцца.”

Сёлета ў траўні на шклозаводзе „Нёман”, які знаходзіцца ў самым цэнтры Бярозаўкі, была запушчана вытворчасць шкловаты, пры вырабе якой выкарыстоўваюцца такія шкодныя рэчывы як фенолы і фармальдэгіды. У сувязі з гэтым большасць гараджан наракае на з’яўленне ў горадзе непрыемнага спецыфічнага паху.

Ужо стала вядома, што па факце флэш-мобу каля шклозавода „Нёман” заведзеная крымінальная справа.

Фота: racyja.com



Крыніца: racyja.com

Каментары