Неспакойнае жыццё ў "спакойнай" Беларусі

24.07.15 13:27 - Беларусь

У рэйтынгу мірнага і спакойнага жыцця Беларусь апынулася толькі на 110-ым месцы. Ад краін з высокім узроўнем небяспекі нас аддзяляе толькі 5 пазіцый!

Міжнародная група Institute for Economics and Peace апублікавала чарговы штогадовы рэйтынг мірнага і спакойнага жыцця грамадзян у 162 краінах - Global Peace Index. Беларусь заняла ў ім толькі 110-е месца перадае TUT.BY

Праўда, наша пазіцыя ў агульным заліку лепш, чым у суседніх Расеі і Украіны, але значна горш, чым у іншых суседзяў - Польшчы, Літвы і Латвіі.

Польшча заняла ў рэйтынгу 19-е месца, Літва - 37-е месца, Латвія - 40-е месца.

Самай бяспечнай краінай прызнана Ісландыя. На другім месцы размясцілася Данія, а на трэцім - Аўстрыя. Далей ідуць Новая Зеландыя і Швейцарыя. У першай дзесятцы самых бяспечных краін апынуліся еўрапейскія дзяржавы, а таксама Канада (7-е месца) і Аўстралія (9-е месца), перадае ВВС.

ЗША эксперты паставілі на 94-ы радок рэйтынгу, а Вялікабрытанію - на 39-ы. У Лацінскай Амерыцы самай бяспечнай краінай прызнана Чылі (29-е месца ў глабальным рэйтынгу), а ў Афрыцы - Батсвана (31-е месца).

Краіны з высокім узроўнем небяспекі ідуць са 116-га па 150-е месца. Напрыклад, Украіна з-за вайны на Усходзе апынулася на памежным 150-м месцы. У гэтым жа сегменце размешчаны Лівія, Ізраіль, Емен.

А Расея ўвайшла ў катэгорыю самых небяспечных краін (месцы з 151-га месца па 162-е) - Нігерыя, Расея, КНДР, Пакістан, ДР Конга, Судан, Самалі, ЦАР, Паўднёвы Судан, Афганістан, Ірак, і, нарэшце, Сірыя - самая небяспечная для жыцця краіна.


Крыніца: belaruspartisan.org

Каментары