Цынк з Данбасу

20.07.15 15:09 - Беларусь

Пад Менскам пахавалі спецназаўца з 5 брыгады, які ваяваў на баку тэрарыстаў "ДНР".

«Белсат» пабываў у вёсцы былога спецназаўца, якога забілі на Данбасе.




Галоўны ідэалагічны падмурак афіцыйнага Менску – слоган пра тое, што ў нас няма вайны. Але гэта зусім не так. Вайна, якая ідзе паміж Украінаю і Расеяй, ужо тут, у Беларусі. Праз георгіеўскія стужкі, якія сталі сімвалам акупацыі Данбасу, праз дзясяткі тысяч уцекачоў, праз забітых беларускіх грамадзянаў, якія вяртаюцца дамоў у цынках з украінска-расейскай мяжы.

Вадзім Васілеўскі, прафесійны беларускі спецназавец, не дажыў да 35-годдзя менш як 2 месяцы. Яго пахавалі 12 ліпеня. Яшчэ месяц таму яго бачылі ў бацькоўскай вёсцы. Пра тое, што ён едзе ваяваць на Данбас, кажуць, ніхто не ведаў. Паводле сяброў, ён загінуў на мяжы Растоўскай вобласці.

«Калона ішла, і снарад трапіў наўпрост у машыну. Яго на кускі, па частках збіралі, пазналі толькі па тату, што гэта ён і па радзімках. Ну, бацькі ж ведаюць, вядома», - кажа Віталь, сябра Вадзіма Васілеўскага.

Васілеўскі служыў у армейскім спецназе, 5 брыгадзе адмысловага прызначэння. Звольніўся каля 5 гадоў таму ў званні капітана. У яго засталіся 2 дзяцей, жонка, бацька і маці.

«Былі з ім саслужыўцы, вайскоўцы неслі труну і ў царкву, і з царквы. Колькі тут да могілак, кіламетра 2 з паловаю, неслі на руках труну», - працягвае Віталь.

На пытанне, чаму Васілеўскі паехаў на Данбас, сябар адказвае:

«Адным словам – салдат удачы. Яму падабалася ўсё вайсковае».

Пасля звальнення з 5 брыгады Васілеўскі працаваў інструктарам у Цэнтры спецыяльнай падрыхтоўкі “Дынама”. На Данбасе ён ваяваў на баку прарасейскай тэрарыстычнай арганізацыі "ДНР". Першае паведамленне пра ягоную смерць з’явілася ў верасні 2014 года. Апошні запіс на яго старонцы ў “Фэйсбуку”, красавік 2015-га. Адпаведна ён браў удзел у баявых дзеяннях мінімум каля года, і працаўнікі спецслужбаў мусілі ведаць пра факт наёмніцтва, але замест гэтага зацікавіліся працаю журналістаў Белсата.

Падчас падрыхтоўкі гэтага рэпартажу і спробы пагаварыць з камандаваннем 5 асобнай брыгады здымачную групу Белсат затрымалі, у іх канфіскавалі флэш-карту з відэакамеры з часткай знятых матэрыялаў. Працаўнікі Камітэту дзяржбяспекі распачалі правяранне паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу па факце здымкаў.

Але нягледзячы на гэта мы лічым важным распавесці гісторыю Вадзіма Васілеўскага, якая мусіць быць узорам тым, для каго вайна ва Украіне не толькі трагедыя, але і палігон для здзяйснення ўласных амбіцыяў.

Каментары