Прадстаўнікі Белпошты прызналі парушэнне моўнага заканадаўства і выбачыліся

26.06.15 15:10 - Беларусь

Адміністрацыя Белпошты прынесла выбачэнні за расейскамоўны адказ на зварот, які быў пададзены па-беларуску.

У пошуку зніклай карэспандэнцыі па грамадска-палітычных справах салігорскаму сябру партыі АГП Віктару Малочка давялося звярнуцца ў мясцовае аддзяленне Белпошты з адмыловым зваротам. Свой запыт партыец накіроўваў на беларускай мове, але адказ атрымаў рускамоўны, паведамляе ПЦ Вясна.

-- Не стаў звяртацца ў пракуратуру на відавочнае парушэнне моўнага заканадаўства, а вырашыў асабіста сустрэцца з адміністрацыяй. Маю прэтэнзію там успрынялі адэкватна, выбачыліся за свой рускамоўны адказ і паабяцалі даць адказ на беларускай мове, - кажа Віктар Малочка.

Праз некалькі дзён актывіст атрымаў з паштовага аддзялення сувязі ліст з беларускамоўным адказам на свой зварот.

Каментары