Ордэн, які Мураўёў атрымаў за павешанне Каліноўскага, прадаюць у Мінску

23.06.15 17:16 - Беларусь

Калекцыю муляжоў ордэнаў Расійскай імперыі рэалізуюць праз "Белсаюздрук". Сярод іх — узнагароды за задушэнне паўстанняў Каліноўскага і Касцюшкі.

Калекцыю расійскіх ордэнаў выставілі на продаж праз сетку шапікаў "Белсаюздрук". У кіёску каля Паштамта знаходзім першы ордэн — Святога апостала Андрэя Першазваннага. Гэтым ордэнам быў узнагароджаны Віленскі губернатар Міхаіл Мураўёў, якога празвалі Вешальнікам.

Гэты расійскі дзеяч задушыў вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 1864 года і павесіў самога Каліноўскага. Пасля гэтага і атрымаў ордэн за "кіраванне Літоўска-Беларускім краем".

У Мінску копію ордэна прадаюць за 29 тысяч рублёў. А таксама прапануюць сабраць яшчэ 22 расійскія ўзнагароды.


Фота: euroradio.fm


Ордэн святога Аляксандра Неўскага.
Яго, напрыклад, атрымаў расійскі генерал Аляксандр Сувораў за перамогу над "польскімі канфедэратамі" ў 1771 годзе. Польскімі канфедэратамі называюць ваяроў гетмана ВКЛ Міхаіла Казіміра Агінскага, якіх "порубили и потоптали" пад Сталовічамі падначаленыя Суворава.

Ордэн Белага арла — польскі ордэн, які з 1831 года выкарыстоўваецца як узнагарода ў Расіі. Яго пасля задушэння паўстання 1830-1831 года ў Польшчы і Беларусі атрымаў расійскі генерал Іван Паскевіч.

Ордэн Георгія Пераможцы. Такі ордэн другога класа атрымаў расійскі генерал Іван Ферзен за задушэнне вызваленчага паўстання Тадэвуша Касцюшкі і за ўзяцце самога Касцюшкі.

"Во уважение на усердную службу и отличной храбрости, оказанной им 29-го сентября противу мятежников польских, при Мациовице, где он взял главнаго возмутителя Костюшку с чиновниками и пленил всю его артиллерию", — гаворыцца ў дакументах.

Такім жа ордэнам быў узнагароджаны генерал Барыс Кнорынг, які выбіў войска Касцюшкі з Вільні.

Ордэн святога Станіслава. Ім быў узнагароджаны расійскі палкоўнік Пётр Вярзілін, які душыў паўстанне 1831 года ў Беларусі. У прыватнасці ён камандаваў расійскім палком пад Ашмянамі. Вось як апісвае тыя падзеі адзін з паўстанцаў:

"Калі мы расстралялі ўсе патроны, то кінуліся наўцёкі, а маскалі, хутка абкружыўшы цэлыя Ашмяны, кожнага чалавека, хоць і бяззбройнага, забілі. Маскалі ўехалі ў горад з вялікім крыкам. Габрэі сустракалі іх з вялікай радасцю, але яны ўсё роўна пачалі ўзломваць крамы габрэяў, за што іх лаяў палкоўнік. Потым пачалі рабаваць касцёлы. Дамініканскі ўзламалі, абрабавалі, чатырох людзей, якія схаваліся ў касцёле, зарэзалі", — цытуе ў сваім артыкуле краязнаўца Леанід Лаўрэш.


Аўтар "унікальнай гістарычнай калекцыі" — расійскае выдавецтва "Арыя-АіФ", імпарцёр у Беларусь — "Росчырк".

"Мне непрыемна гэта як беларусу", — адразу кажа доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў і ставіць продаж гэтых узнагарод у адзін шэраг са з'яўленнем верша "Клеветникам России" на помніку Пушкіну ў Магілёве.

"З аднаго боку, гэта расійскія ўзнагароды, яны ў іх былі і яны маюць права іх прадаваць. Мне як беларусу непрыемна, што прадаюцца ўзнагароды за задушэнне нацыянальна-вызваленчага руху. Можа, яны пра гэта не думаюць, а можа, акурат думаюць. Гэта маральны момант", — не хавае эмоцый былы дэпутат Вярхоўнага Савета і гісторык Валянцін Голубеў.

Тым часам рэкламу калекцыі актыўна круцяць па беларускіх тэлеканалах.


Крыніца: euroradio.fm

Каментары