Як з беларусаў могуць узяць грошы за Skype і Viber

16.06.15 17:30 - Беларусь

Рабочая група ў Міністэрстве сувязі пакуль толькі вывучае замежны вопыт, якога няма.

Пра намер манетызаваць паслугі Skype і Viber Мінсувязі заявіла яшчэ ў пачатку года. Тады міністр Сяргей Папкоў заявіў, што створана рабочая група, распрацоўваюць варыянты.

"Такіх сэрвісаў у свеце каля 11 - яны не ўкладваюць ні цэнта ў развіццё тэхналогій. Натуральнае змяншэнне даходаў за кошт прыросту паслуг такіх тэхналогій складае каля 10-15%, на думку расійскіх і еўрапейскіх экспертаў. У розных краінах з гэтым працуюць па-рознаму, напрыклад, манетызуецца трафік, які носіць лішні характар".

У міністэрстве паведамілі, што працоўная група вывучае міжнародны вопыт, але канкрэтных рашэнняў пакуль няма. Які вопыт можна вывучаць у гэтай сферы, незразумела, бо ні ў адной краіне свету такога няма. Але спробы былі. Напрыклад, у Расеі прапаноўвалі браць дадатковыя грошы з абанентаў сотавай сувязі за трафік, які генеруецца Skype і Viber.

Потым Белтэлекам аб'явіў тэндэр на закупку апаратна-праграмнага комплексу, які блакуе інтэрнэт-рэсурсы, а таксама ажыццяўляе збор і захоўванне звестак пра наведванне карыстальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў.

Пазней з'явілася інфармацыя, што адзін з кампанентаў гэтага абсталявання можа ідэнтыфікаваць галасавы трафік (IP-тэлефанію) з прывязкай да канкрэтнага абаненту. Іншымі словамі, абсталяванне будзе праводзіць аналіз трафіку, вылічваць, з кім і колькі канкрэтны карыстальнік размаўляў па Skype ці Viber, і браць за яго грошы па пэўных тарыфах.

Ці магчыма наогул браць грошы за размову па Skype ці Viber?

Тут можа быць некалькі варыянтаў. Некаторыя з іх тэхнічна складаныя, але магчымыя ў тэорыі.

Першы варыянт: Skype ці Viber самі будуць дзяліцца з дзяржавай. Але тады трэба будзе зрабіць званкі паміж абанентамі платнымі, што амаль немагчыма. Таму гэта не той варыянт. Тым больш што самі кампаніі наўрад ці захочуць дзяліцца.

Другі варыянт расейскі: браць грошы з абанентаў мабільных аператараў за трафік, які генеруе Skype ці Viber. Тэхнічна гэта магчыма. Напрыклад, у аднаго з аператараў быў асобны тарыф на трафік, які ідзе праз мабільны браўзэр. Такім жа чынам можна вызначыць асобны тарыф на трафік, які ідзе ад Skype ці Viber.

Трэці варыянт самы тэхнічна складаны, але, як аказалася, таксама рэальны. Можна браць грошы за кожную канкрэтную размову. Прычым па розных тарыфах, у залежнасці ад таго, з якой краінай было злучэнне: званок абаненту Skype ці Viber ў Беларусі ці ЗША можа быць тарыфікаваны па-рознаму.
Мы зрабілі некалькі званкоў у розныя краіны - тры з чатырох злучэнняў Viber рабіў напрамую ад абанента да абаненту, і можна было бачыць IP-адрас нашага суразмоўцы і даведацца, у якую краіну ідзе званок. Толькі ў адным выпадку злучэнне ішло праз сервер Viber, і даведацца, куды ідзе званок, маглі толькі сама кампанія і карыстальнік.

У Skype ўсе званкі ідуць напрамую ад абанента да абаненту, і тут з дапамогай аналізу трафіку можна зразумець, што карыстальнік пачаў размову па Skype, і ўбачыць, з абанентам з якой краіны ідзе злучэнне.

У Расеі такія спробы таксама былі, але ўсе яны спыніліся на перамовах з расійскімі мабільнымі аператарамі - вялікай тройкай. Застаецца спадзявацца, што і беларуская ініцыятыва не знойдзе варыянтаў тэхнічнай рэалізацыі.

У працоўнай групе ёсць і прадстаўнікі асацыяцыі "Белінфакам". Але пакуль яны не ўдзельнічалі ў пасяджэннях.

Наогул ва ўсім свеце цяпер кажуць аб правілах сеткавага нейтралітэту. Напрыклад, у ЗША правайдэрам забаронена браць дадатковыя грошы за больш хуткі доступ да некаторых сайтаў або, наадварот, запавольваць хуткасць доступу без дадатковай аплаты. Калі вы набылі трафік у правайдэра, то самі вырашаеце, на што яго марнаваць.

Дарэчы, пазбегнуць такіх планаў манетызаваць трафік Skype і Viber можна вельмі проста. Дастаткова запусціць VPN на тэлефоне або камп'ютэры, і правайдэр ужо не зможа бачыць, што вы тэлефануеце каму-то праз Skype ці Viber.


Крыніца: UDF.by

Каментары