Мінгарвыканкам абавязаў усе мінскія рэстараны падаваць дранікі

09.06.15 17:27 - Беларусь

Мінгарвыканкам абавязаў аб'екты грамадскага харчавання гатаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні гандлю і паслуг, "намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі даў даручэнне ўсім суб'ектам гаспадарання Мінска, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы грамадскага харчавання, забяспечыць у сваіх аб'ектах (за выключэннем якія спецыялізуюцца на падрыхтоўцы страў нацыянальных кухняў іншых народаў) абавязковую наяўнасць у меню старонкі страў беларускай нацыянальнай кухні".

Як адзначылі ва ўпраўленні, гэтае рашэнне прынята "ў мэтах павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва і гасцей сталіцы, папулярызацыі беларускай нацыянальнай кухні, захавання традыцый паўнавартаснага гарачага харчавання."

Адначасова Мінгарвыканкам выйшаў з хадайніцтвам перад Міністэрствам гандлю Беларусі аб замацаванні дадзенай ініцыятывы на заканадаўчым узроўні.

Як паведамлялася раней, з 8 па 14 чэрвеня ў Мінску праходзіць тыдзень беларускай кухні. У мерапрыемстве прымаюць удзел каля 100 аб'ектаў грамадскага харчавання.


Крыніца: charter97.org

Каментары