«Мы імкліва коцімся ўніз - ва ўсіх падае прыбытак. У прадпрымальніка пачынаецца істэрыка»

15.09.15 18:33 - Эканоміка

Амаль палова індывідуальных прадпрымальнікаў гатовая вылучаць палітычныя патрабаванні.

Прэзэнтаваныя прадпрымальніцкім аб'яднаннем «Перспектыва» вынікі конкурсу на лепшы рэгіён Беларусі для вядзення бізнесу апынуліся прадказальнымі. Самым спрыяльным горадам для вядзення бізнесу быў прызнаны Мінск, а самым неспрыяльным рэгіёнам - Брэсцкая вобласць, якая апынулася ў аўтсайдарах шмат у чым з-за ўзмацнення жорсткасці правіл перасячэння мяжы з Еўрасаюзам.

Значна цікавей было даведацца пра тое, як самі прадпрымальнікі бачаць сваю будучыню на фоне складанай сітуацыі ў эканоміцы.

Па словах кіраўніка бізнес-саюза Анатоля Шумчанка, апошнія апытанні паказваюць, што беларускія «іпэшнікі» усё больш скардзяцца на падзенне попыту.

- Мы імкліва коцімся ўніз - ва ўсіх падае прыбытак, - адзначае ён. - Калі прадпрымальнік пры кошце на тавар у 20 даляраў, ставіць кошт 5 даляраў і яго ўсё роўна ніхто не купляе, у яго пачынаецца істэрыка.

Але галоўнай праблемай па-ранейшаму застаецца рашэнне аб абавязковай наяўнасці сертыфікатаў, якія пацвярджаюць якасць тавараў лёгкай прамысловасці.

- Калі з 1 студзеня 2016 яно пачне дзейнічаць, то 61% апытаных намі прадпрымальнікаў могуць адмовіцца працаваць далей. Але самае страшнае тое, што частка з іх проста сыдуць ў ценявы сектар эканомікі і вярнуць іх адтуль будзе вельмі складана.

Пры гэтым, на думку грамадскага дзеяча, дзяржава нічога не робіць для таго, каб вырашыць праблемы прадпрымальнікаў.

- Дзяржава адсунулася ад людзей. Сёння адна мэта - забраць. Большасць апытаных намі прадпрымальнікаў кажуць пра тое, што найбольшую пагрозу для свайго бізнесу яны бачаць з боку ўрада і прэзідэнта. У якой іншай краіне гэта яшчэ магчыма? Больш, таго каля 45% індывідуальных прадпрымальнікаў прызналіся ў тым, што яны гатовыя ўжо гатовыя сур'ёзна заняцца палітыкай і вылучаць палітычныя патрабаванні. Такога раней ніколі не было.

Шумчанка папярэдзіў, што калі сітуацыя ў бліжэйшы час не зменіцца, гэта можа прывесці да чарговага супрацьстаяння чыноўнікаў і «іпэшнікаў», колькасць якіх у краіне наблізілася да 250 тысяч.


gazetaby.com

Каментары