Лукашэнка заклікаў беларусаў насіць айчынныя штаны, а не дзіравыя "Гуччы"

28.08.15 16:33 - Эканоміка

Аляксандр Лукашэнка зноў заклікаў беларусаў набываць айчынныя тавары і адпачываць у сваёй краіне.

"Давайце наша, беларускае, паносім! Няхай лепш яно будзе крыху не тых мод, без дзірак на каленях. Як цяпер штаны носяць? Трэба працерці дзірку. У тым, у чым раней мы саромеліся на вуліцу выходзіць, зараз ходзяць", - заявіў Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Белавежскі" і жыхарамі вёскі Расна (Брэсцкая вобласць).

"Давайце ўжо не будзем праціраць гэтыя дзіркі, будзем хадзіць у беларускай, нармальнай бялізне, вопратцы, ручнікі будзем выкарыстоўваць беларускія і ежу беларускую. Па ежы-то ўжо праблем няма. Ужо ўсе зразумелі, што значыць беларускае, нават далёка за нашымі межамі. Не, трэба "Гуччы"! У нас жа чыстая прадукцыя, мы ДАСТы захавалі. Бо харчаванне і адзенне - гэта здароўе чалавека", - працягнуў Лукашэнка.

Акрамя таго, "прэзідэнт" заклікаў беларусаў адпачываць у сваёй краіне, а не ехаць за мяжу. "Навошта долар? Купіць імпартнае і паехаць у Егіпет адпачыць? Перажывём. Вазьміце Белавежскую пушчу - духаты ніякай, цудоўнае паветра. Браслаўскія азёры. Азёраў хапае, змялелі трохі, але вады хапае. Адпачнём як-небудзь у гэты цяжкі час дома", - сказаў ён.

У дадзенай сувязі кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што "трэба сваю псіхалогію мяняць". "Усе мы ўмеем рабіць, усё робім, але трэба больш глядзець на сябе, на сваю краіну і купляць свайго. Будуць спажываць 10 млн чалавек і тыя 2 млн, якія праз нас пастаянна рухаюцца, так і прадаваць за межы краіны застанецца зусім нічога - праблем не будзе". - падкрэсліў ён.

"У нас ёсць група спекулянтаў, як і ў любой краіне, якія прывыклі гуляць: сёння куплю, заўтра перепродам. Не, з дзяржавай у азартныя гульні не раю гуляць. Зараз адпусцілі курс. Хочаце купіць долар - плаціце той кошт, якая складваецца на рынку. Мы яго не трымаем, проста назіраем за коштамі. І трымаць небяспечна", - адзначыў "кіраўнік дзяржавы".

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што пры стрымліванні курсу можна нанесці шкоду і тым, хто прывозіць валюту ў краіну. "Калі ён прывёз даляры і хоча прадаваць, а мы будзем заціскаць і трымаць, дзікі рынак з'явіцца (мы гэта ўжо праходзілі), будуць два курсы - гэта катастрофа", - падсумаваў дыктатар.


Беларускі Партызан

Каментары