ААТ «Менскі домабудаўнічы камбінат» пераводзяць на чатырохдзёнку

18.06.15 17:01 - Эканоміка

Працы на прадпрыемстве ўсё менш і менш.

Як стала вядома charter97.org, ААТ «Менскі домабудаўнічы камбінат» зноў пераходзіць на чатырохдзёнку. Вось што распавёў адзін з работнікаў прадпрыемства, які захацеў застацца неназваным.

«З наступнага тыдня нас зноў пераводзяць на чатырохдзёнку на падставе загаду, які будзе ў дзеянні «да адмысловага распараджэння». Месяц папрацавалі пяць дзён на тыдзень, а цяпер зноў пачынаецца. У афіцыйным загадзе аб прадпрыемстве, з якім усіх азнаёмілі, былі пазначаныя прычыны - «у сувязі з эканамічнай сітуацыяй, у сувязі з адсутнасцю крэдытавання і ў сувязі з памяншэннем аб'ёмаў будаўніцтва».

Сітуацыя на прадпрыемстве далёка не з лепшых: аб'ектаў мала, працы няма. Да таго ж, наш дырэктар сышоў па заканчэнні кантракту, ён пенсіянер, а другі замест яго яшчэ не прыйшоў. Ужо тыдні 2-3 пустуе ягонае месца, дзіўна», - распавёў чытач.

Як удакладнілі на прадпрыемстве, тэрміны дзеяння загаду невядомыя.

Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераводзяцца на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. У рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Мінскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншых.

Каментары