Міністр працы прапануе беларусам "круціцца" і працаваць на двух работах

18.06.15 16:51 - Эканоміка

Беларусы павінны праяўляць вялікую працоўную актыўнасць для павышэння ўласнага дабрабыту, "круціцца" і працаваць на двух работах, лічыць міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.

Такое меркаванне яна выказала падчас наведвання Гродзенскай абутковай фабрыкі "Нёман", перадае БелаТА.

Адказваючы на пытанне аб тым, у якім кірунку будзе развівацца сацыяльная падтрымка беларускіх сем'яў у Беларусі, міністр паведаміла, што ў гэтым годзе ніякіх зменаў у заканадаўства ўносіць не будуць.

Мар'яна Шчоткіна таксама выказала меркаванне, што сёння сацыяльныя выплаты сем'ям з непаўналетнімі дзецьмі перавышаюць мінімальную зарплату і сувымерныя, часам, з заробкамі на некаторых прадпрыемствах.

"Умовы, якія сёння ёсць, схіляюць сям'ю да таго, каб нараджаць больш дзяцей, калі гэта, вядома, запланавана. Таму што нараджэнне дзяцей дзеля дапамогі або кватэры не дапушчальна, вядома ж. Але калі людзі прымаюць рашэнне аб тым, што ў іх будзе двое-трое дзяцей або больш, яны разумеюць таксама, што ім трэба, што называецца, "круціцца"", - лічыць міністр.

Пры гэтым Шчоткіна ўпэўненая, што, нягледзячы на рост беспрацоўя і прастоі на прадпрыемствах, "для таго, каб зарабіць, сёння ёсць магчымасці".

"Мы паглядзелі, што амаль 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, так хай тата "пакруціцца". Тым больш, што ў працоўнае заканадаўства ўнесены адпаведныя змены: гэта і артыкул аб надомнай працы, гэта магчымасць, напрыклад, калі на адным прадпрыемстве няпоўная занятасць, па сумяшчальніцтве працаваць на поўную стаўку там, дзе сумяшчальніцтва аформлена.

Сёння беларусам трэба праяўляць большую актыўнасць, каб павысіць свой дабрабыт", - лічыць міністр.


Крыніца: belaruspartisan.org

Каментары