Генадзь Фядыніч: Людзей на заводзе ў Маладзечне ўжо проста данялі

10.06.15 18:16 - Эканоміка

І сітуацыя напальваецца на ўсіх прадпрыемствах.

Сёння стала вядома аб тым, што рабочыя завода металаканструкцый у Маладзечне адмовіліся выходзіць на працу праз запазычанасці ў заробку. Лідар Беларускага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч сказаў charter97.org, што гэты страйк - толькі пачатак.

«Што такія міні-страйкі здараюцца не першым і не апошнім разам. Чым далей, тым будзе горш. Бо калі людзям не стае грошай, калі рабочыя адчуваюць, што іх абуваюць у лапці, і няма ніякага выйсця, яны пачынаюць абурацца ўголас. Не скажу, што гэты страйк добра падрыхтаваны, але людзей проста данялі.

Цяпер амаль на ўсіх прадпрыемствах у краіне такая сітуацыя. Акурат еду з Берасця, быў на заводзе «Газааппарат». Гэта вялікі завод, але яго спынілі да 24 чэрвеня, бо няма рынкаў збыту. Там відавочна няма і замоў, а калі ёсць, то невядома, калі за іх выплацяць грошы.

Такая сітуацыя на заводах добра дэманструе у якім стане сёння знаходзіцца беларуская эканоміка», - мяркуе ён.

Нагадаем, беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы перажываюць глыбокі крызіс з пачатку года. У самай цяжкай сітуацыі знаходзіцца машынабудаванне.

Паводле інфармацыі Міністэрства прамысловасці, у 2015 годзе ў перыяд са студзеня да сакавіка на працу з няпоўным працоўным часам было пераведзена больш за 99 тысяч чалавек, што ўтрая больш адпаведных паказчыкаў пачатку 2014 года. Так, рэгулярнымі сталі шматдзённыя прыпыненні галоўных канвеераў на МТЗ, МАЗе, «Гомсельмашы» ды іншых прадпрыемствах.

Чаму прадпрыемствы не скарачаюць колькасць работнікаў, каб аптымізаваць страты? Экспэрты адзначаюць, што штучная занятасць падтрымліваецца на загад палітычнага кіраўніцтва краіны.

Каментары